РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,

працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл. Дысперсія хваль).

Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)